Частка даходаў ад замарожаных расійскіх актываў у Еўрасаюзе будзе выдаткавана на чэшскую ініцыятыву па закупцы ўзбраення для Украіны. Такім чынам, з'явіцца магчымасць набыць яшчэ сотні тысяч адзінак буйнакаліберных боепрыпасаў, - паведаміла ў аўторак, 20 жніўня, у сацсетцы X міністр абароны Чэхіі Яна Чарнахова, аднак не назваўшы дакладнай сумы.
«Гэта яшчэ адзін доказ даверу саюзнікаў да Чэхіі і да нашай ініцыятывы па боепрыпасах. Гэта ўнікальная магчымасць падтрымаць Украіну, выкарыстоўваць рэсурсы, якія першапачаткова належалі Расіі, і захаваць дзяржаўныя фінансы еўрапейскіх краін», - заявіла чэшская міністр абароны.
Агульная сума даходаў ад расійскіх замарожаных актываў складае 1,4 мільярда еўра, частка з якіх будзе выкарыстана Міністэрствам абароны Чэхіі. Ведамства будзе выступаць пасярэднікам у закупках боепрыпасаў для задавальнення неадкладных ваенных патрэб, акрэсленых украінскім бокам. Пастаўкі боепрыпасаў адбудуцца ў найбліжэйшыя месяцы.
На гэты момант свой уклад у чэшскую ініцыятыву па набыцці артылерыйскіх боепрыпасаў для Украіны ў краінах за межамі ЕС зрабілі 15 краін. Некаторы час таму ва Украіну прыбыла першая партыя з прыкладна 50 тысяч боепрыпасаў.
radio.cz/pap/эж